КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы крэмнію (Si), злучаныя з атамам вугляроду непасрэдна або праз атам інш. элемента. Падзяляюць на манамерныя (у малекуле адзін ці некалькі атамаў Si) і высокамалекулярныя — крэмнійарганічныя палімеры.
Вядомы розныя групы К з.: з адным атамам Si (звычайна іх разглядаюць як вытворныя сілану SiH4) — арганагалагенсіланы [напр., (CH3)3SiCl трыметылхлорсілан], алкоксісіланы [напр., (C2H5O)3SiH трыэтоксісілан], арганасіланолы [напр., (C6H5)2Si(OH)2 дыфенілсіландыол] і інш.; з некалькімі атамамі Si — арганасілаксаны ці сілаксаны [напр., (CH3)3SiOSi(CH3)3 гексаметылдысілаксан], маюць у малекуле групоўку Si—O—Si, арганасілазаны з групоўкай Si—N—Si у малекуле [напр., (CH3)3SiNHSi(CH3)3 гексаметылдысілазан] і інш.; крэмнійэлементаарганічныя злучэнні — К.з., у малекуле якіх ёсць сувязь Si—M i Si—Y—M, дзе M — атам металу ці неметалу (напр., літый, алюміній, бор, фосфар), Y — група, якая мае атам вугляроду, кіслароду, азоту, серы, злучаны з Si. Большасць К.з. — бясколерныя вадкасці; дыэлектрыкі. Раствараюцца ў арган. растваральніках, некат. (напр., арганасіланолы) — і ў вадзе. Біялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць у сінтэзе крэмнійарган. палімераў, лек. сродкаў, вытв-сці крэмнійарган. вадкасцей і каўчукоў, смол і лакаў, у якасці гідрафабізатараў, антыадгезіваў, напаўняльнікаў пластмас, цепланосьбітаў (да 400 °C) і інш.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)